археалагічны помнік апошняй чвэрці 1 — 2-й пал. 3 ст. на тэр.г. Брэста (былая в. Трышын, цяпер вул. Маскоўская). Выяўлена 75 пахаванняў плямён вельбарскай культуры. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання. Рэшткі крэмацыі ссыпалі на дно ямы або ў спец. урны. Знойдзены гліняны посуд, прасліцы, жал. нажы і замкі, бронзавыя фібулы, дэталі паяснога набору, шкляныя пацеркі, метал. бранзалеты і падвескі. Некаторыя даследчыкі звязваюць могільнік з адным з этапаў фарміравання слав. этнасу.